КРЫНІ́ЦЫ СВЯТЛА́,

пераўтваральнікі розных відаў энергіі ў энергію аптычнага выпрамянення ў дыяпазоне даўжынь хваль да 10 нм да 0,1 мм. Касм. і прыродныя выпрамяняльныя аб’екты (напр., Сонца, зоркі, атмасферныя разрады) — натуральныя К.с. Штучныя К.с. паводле віду працэсу выпрамянення (вымушанага ці спантаннага) бываюць кагерэнтныя (гл. Кагерэнтнасць, Лазер) і некагерэнтныя; паводле віду выпрамянення — цеплавыя, люмінесцэнтныя і плазменныя.

Цеплавыя К.с. — полымя, эл. лямпы напальвання, мадэлі абсалютна чорнага цела, выпрамяняльнікі з газавым награваннем (напальныя сеткі) — маюць неперарыўны спектр, становішча максімуму якога залежыць ад т-ры рабочага рэчыва. Энергетычныя характарыстыкі і від спектра выпрамянення плазменных К.с. вызначаюцца т-рай і ціскам плазмы, што ўтвараецца ў іх пры эл. разрадзе (гл. Электрычныя разрады ў газах) ці інш. спосабам, а таксама хім. складам рабочага рэчыва і прыкладзенай магутнасцю. У люмінесцэнтных К.с. выпрамяняюць халодныя цвёрдыя (ці вадкія) люмінафоры або газы, якія ўзбуджаюцца эл. полем, патокам фатонаў, электронаў і інш. часціц. Іх светлавыя характарыстыкі і спектр выпрамянення вызначаюцца ўласцівасцямі люмінафораў, а таксама шчыльнасцю патоку і энергіяй узбуджальных часціц, напружанасцю эл. поля. Гл. таксама Газаразрадныя крыніцы святла, Лямпа дзённага святла.

В.В.Валяўка.

т. 8, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)